Ва ўкраінскай інтэрнэт-прасторы з’явіўся новы інфармацыйны сайт,
які спецыялізуецца на падзеях з Беларусі. Гэта сайт грамадскай
арганізацыі Цэнтр рэгіянальнага развіцця "Супрацоўніцтва без межаў”:
www.collaboration.org.ua. Пра гэта паведамляе прэсс-служба Цэнтра
рэгіянальнага развіцця "Супрацоўніцтва без межаў”.
Назваць сайт інфармацыйным можна, паколькі акрамя арганізацыйных
навінаў на старонцы з’яўляюцца апошнія беларускія навіны пра Украіну і
ўкраінскія пра Беларусь, навіны беларускіх партнёраў арганізацыі і
запісы ў блогах, галоўным чынам, пра беларуска-украінскае супрацоўніцтва
ў розных сферах.
Адзначым, што Цэнтр рэгіянальнага развіцця "Супрацоўніцтва без межаў”
быў створаны для аб’яднання як мага большай колькасці украінцаў, якія
хацелі б паспрыяць дэмакратычным зменам у Беларусі.
Акрамя таго, Цэнтр займаецца наладжваннем стасункаў з маладзёжнымі
арганізацыямі іншых краінаў, супрацоўніцтвам з арганізацыямі ўкраінскай
дыяспары, ўпарадкаваннем месцаў пахаванняў украінцаў за мяжой.
Партнёрамі Цэнтра ўжо з’яўляюцца такія беларускія арганізацыі як рух
"За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, "Малады Фронт”, "Правы Альянс” і
шэраг іншых.