Чт, 2024-Апр-25, 06:52
Приветствую Вас Гость | RSS

Правая Лiда

Главная » 2011 » Июль » 14 » Культавы ультраправы аўтар з Барысава
01:00
Культавы ультраправы аўтар з Барысава

Яго рэдка ўбачыш на літаратурных прэзентацыях, але пра яго шмат гавораць. Адны называюць яго самым чытаным беларускім аўтарам, іншыя ганяць яго творы. Пісьменнік Юрый Станкевіч не хавае сваіх правых поглядаў. Аўтар рамана «Любіць ноч — права пацукоў» даў інтэрв’ю НН.

Сын контррэвалюцыянера

Ён нарадзіўся ў сям’і рэпрэсаванага па сумна вядомым 58 артыкуле Крымінальнага кодэкса СССР — «Контррэвалюцыйныя злачынствы». «Бацька ў вайну трапіў у палон. Збег. Быў сябром Беларускай самапомачы, Беларускай незалежніцкай партыі. Выспавядаў Беларусь без немцаў і без бальшавікоў.

Асуджаны за «ізмену родіне» і скіраваны ў Карлаг [Карагандзінскі папраўча-працоўны лагер] у 1946 годзе». Бацьку фактычна і не бачыў. Бо што можа запомніць аднагадовае дзіця…

Вучыўся Станкевіч у расейскамоўнай школе. Роднай мовай жа авалодаў сам. Лета ён праводзіў у вёсцы, дзе тады яшчэ размаўлялі выключна па-беларуску. Але больш у гэтым плане пачэрпаў, як сам адзначае, з прачытаных кніжак.

Ужо ў 15 гадоў Юрый пайшоў працаваць. Падлеткам пачаў спасцігаць прафесіі цесляра, бляхара, наладчыка піяніна… Меў абсалютны слых, хаця так ніколі і не пайшоў у музычную школу — ніхто і не прапаноўваў. Паралельна атрымліваў сярэднюю адукацыю ў вячэрняй школе. Тады і першы аповед апублікаваў у раённай газеце. Пасля быў вялікі перапынак. «Каб прабіцца ў літаратуру, трэба было пісаць на нейкай мяжы паміж рэальнасцю і іхнай ідэалогіяй… А хто б выдаў? І як? На спробы нешта надрукаваць адказвалі звычайна: «мала грамадзянскасці», «ачарненне нашай рэчаіснасці» і г.д.»

Для асноўнай прафесіі абраў блізкую да літаратуры журналістыку — скончыў журфак Белдзяржуніверсітэта. Сам пісьменнік кажа, што «гэта, пэўна, яна мяне абрала». І заўважае, што ў сына рэпрэсаванага было не так і шмат магчымасцяў. Ды і не любіў ён ні матэматыку, ні хімію яшчэ са школьнай парты.

Аднакурснік Сярэдзіча і калега Някляева

Юрый Станкевіч вучыўся ва ўніверсітэце з будучым рэдактарам «Народнай волі» Іосіфам Сярэдзічам, якога запомніў як занадта дысцыплінаванага студэнта. У прафесіі ж пасля іх шляхі не перакрыжоўваліся: Сярэдзіч пайшоў у «Сельскую газету», Станкевіч — у барысаўскую гарадскую газету.

Працаваў жа пісьменнік і з паэтам Уладзімірам Някляевым. Тады той яшчэ ніякіх прэзідэнцкіх амбіцый не меў. Някляеўскую «Крыніцу» сп. Юрый і сёння лічыць паспяховым часопісам. Пасля «Маладосці» Генрыха Далідовіча ў «Крыніцы» ўсё было па-іншаму: вальней у творчым сэнсе.

Станкевіч — аўтар некалькіх кінасцэнараў, так і не ўвасобленых у жыццё. Кажа, што айчынныя рэжысёры гатовыя зняць фільм па яго творах. Але заўсёды ёсць шэраг перашкодаў. Ён не церпіць размоў пра тое, што ў краіне няма годных сцэнарыстаў. І

не разумее, навошта Андрэй Кудзіненка звярнуўся да навэлы Праспэра Мэрымэ ў сваім фільме «Масакра».

Любімы ж рэжысёр самаго Станкевіча — японец Курасава, чыё кіно лічыць і масавым, і інтэлектуальным.

Сп. Юрый чытае часопіс «Іностранную літературу», кнігі расійскіх пісьменнікаў. А сярод вартых беларускіх аўтараў адзначае Наталку Бабіну і Алену Брава, высока ацэньвае аўтабіяграфічны раман Славаміра Адамовіча «Цана Еўропы, альбо Гісторыі Вільмана». Хай сабе іх кнігі і выдаюцца малымі накладамі, але ж чытач ёсць. «І я выдаюся невялікім накладам. Але і ў мяне свой чытач ёсць. Са многімі я лістуюся». Але павялічваць кніжныя тыражы за кошт выдання твораў па-расійску (для масавасці) не лічыць патрэбным, як і пачынаць пісаць па-расейску ўвогуле. «Не варта. Да дабра гэта не давядзе. І так усё зрусіфікавана».

Станкевіч піша і пра НЛА. Сам у іншапланецян не верыць. І заўважае, што «гэта нешта больш глыбокае і больш страшнае. Магчыма, нейкія маніпуляцыі са свядомасцю людзей адбываюцца. Існуе маса ўсялякіх тэорый. Ад гэтага нельга адмахнуцца так проста… А ў мяне гэта быў навукова-прыгодніцкі твор для падлеткаў».

Выраджэнне гісторыі

Культавым стаў раман Юрыя Станкевіча «Любіць ноч — права пацукоў». Пасля яго на аўтара і пасыпаліся абвінавачванні ў расізме.

Але менавіта гэты твор узняў аўтара на хвалю папулярнасці. Выкладчыкі рэкамендуюць кнігу і сёння для чытання студэнтам ва ўніверсітэтах.

«Раман «Любіць ноч — права пацукоў» — гэта адно. Пройдзены этап. Магу толькі дадаць, што падзеі, якія апісаныя ў ім, спраўджваюцца амаль з клінічнай паслядоўнасцю. Але, каб гэта бачыць — трэба жыць у правінцыі»

На пісьменніка часта навешваюць розныя «ізмы», абвінавачваюць у гамафобіі, расізме, фашызме. «Абвінаваціць у фашызме — гэта прыхаваная і дурнаватая спроба ўкусіць, і як мага зласлівей. Гэтага не пазбеглі і не пазбягаюць цяпер і такія знаныя творцы, як Луі-Фердынад Селін, Эзра Паўнд, Сальвадор Далі, Кнут Гамсун, Джон Кутзее, Мішэль Уэльбэк. І Дастаеўскага (чые творы паважаў Ніцшэ), жыві ён цяпер, аб’явілі б таксама правым радыкалам, нават фашыстам. Хіба не вывеў ён у сваіх раманах персанажаў блізкіх да паняцця «звышчалавек»? Свідрыгайлаў, Стаўрогін, Кірылаў…»

Якія ідэі аўтар прапагандуе насамрэч у сваіх творах?

«Я прапагандую толькі нацыянальную ідэю. А без яе — нам гамон. Дзе ж тут загана? Каму ахвота пачуваць сябе эмігрантам на сваёй зямлі? А ідзе да таго.

Я не хварэю на лішнюю надумлівасць, але мне ўсё больш часцей падаецца, што нашым суседзям выгадна ўтварэнне ў Еўропе своеасаблівага «этнічнага гноеадстойніка». Мігрантам патрэбны нашы цывілізацыйныя набыткі і не трэба ні наша мова, ні культура. Часам плавае ў паветры чыста вар’яцкая ідэя: ціха аддзяліцца адным-двума мільёнамі і жыць так, як нам хочацца. Утварыць сапраўдную ліцвінскую дзяржаву. Яўрэі здолелі ж у 1948 годзе пабудаваць сваю дзяржаву».

Сам пісьменнік ўпэўнены, што «грамадства павінна быць здаровым». «А грамадству кідаюць усё больш і больш цынічныя выклікі ў тым ліку і псіхічна хворыя асобы, якіх асудзілі тысячагоддзі раней усе сусветныя рэлігіі.

Садаміты маглі б «дзейнічаць» цішком «пад коўдрамі», а яны масава ломяцца на гей-парады і г.д. Сярод іх шмат багатых і ўплывовых. Аднаполыя шлюбы, прыхільнае азнаямленне з гомасэксуалізмам у школах некаторых краін, вычварэнцы-дураплясы на сцэнах — гэта страта гераічнага пачатку, выраджэнне, канец гісторыі».

…У канцы мінулага года выйшла новая кніга Станкевіча — «П’яўка». Рэакцыя на яе была рознай: ад усхвалення аўтара да закідаў, што кніга не вартая чытання. Сам аўтар адзначае, што «я не пакутую на завышаную самаацэнку і не перабольшваю свае вартасці. Часам добра бачу недахопы». Але кажа, што мала хто зразумеў, што ён хацеў сказаць у «П’яўцы». І дадае: «Удумлівую крытыку ўспрымаю адэкватна. А істэрычны віск, які часам у некаторых асобаў прарываецца, мяне не кранае. Гэта зайздроснікі альбо прыстасаванцы і нядобразычліўцы. Лягчэй за ўсё аб’явіць літаратара «самым цынічным і небяспечным аўтарам» (газета «Таварыш»), чарнушнікам і расістам (часопіс «ARCHE»), выліць вядро літпамыяў (як крытык Лада Алейнік) ці з’ехаць за мяжу па гранце, пісаць пустую гульню слоў, адагадваўшы бародку пад Калініна, і віскнуць з укормленай цішыні і дабрабыту: «Раман напісаны пазаўчарашнім чалавекам пра паслязаўтра».

«Апладненне ёлупа»

«Настаўніцкая газета» ў 2005 выдала яго кнігу «Апладненне ёлупа». Але выданне так не трапіла ў кнігарні і да сёння. Звязваў гэта з тым, што на вокладцы напісана, што аўтар карыстаецца папулярнасцю ў моладзі правага кірунку. Вось гэтая несумяшчальнасць дзяржвыдання і «правы кірунак». Насамрэч усё значна прасцей, як заўважае аўтар.

«Кнігу «Апладненне ёлупа» можна набыць у бухгалтэрыі «Настаўніцкай газеты» і цяпер. Яе проста лянуюцца скіраваць у продаж праз кнігарні.

Існуе небяспека, што могуць увесь наклад здаць у макулатуру. Выдавец, былы рэдактар газеты, які займаўся яе распаўсюджваннем, больш у рэдакцыі не працуе. А новы рэдактар прапануе мне купіць наклад (каля 2000 асобнікаў) без права продажу. І гэта — пасля майго звароту да міністра адукацыі. Здзек. Я не настолькі заможны, каб знайсці ў сябе 20 млн. рублёў. А потым куды падзець наклад? І чаму я не магу прадаць, калі б захацеў, сваю кнігу, набытую за свае грошы? Абсурд…»

У выдавецтва «Галіяфы» Станкевіч здаў новы рукапіс. Гэта будзе кніга з умоўнай назвай «Шал». У яе ўвайшлі аднайменная аповесць, «пабудаваная на «недасказах»: урыўках думак, вобразаў», дзве вострасюжэтныя аповесці (адна з якіх пра нацыянальны рух у час нямецка-савецкай вайны), некалькі апавяданняў і эсэ пра Акіра Курасаву.

Заўзятар БАТЭ

Пісьменнік жыве ў Барысаве. З Мінска ён пераехаў у родны горад, каб даглядаць старэнькую маці.

І кажа, што яго яшчэ чакае вяртанне ў сталіцу. Як і многія барысаўцы, сочыць за футбольнай камандай БАТЭ.

«У БАТЭ шмат сваіх хлапцоў. Беларусаў. Шкада толькі, што клубныя лагатыпы, абрэвіятуры зрусіфікаваныя. Кіраўніцтву клуба, пэўна, не хапае нацыянальнай самасвядомасці…

Зачараваны поспехам маладзёжнай зборнай па футболе, у якой палова гульцоў — барысаўцы. Калісьці, у дзяцінстве, і сам гуляў. Паўабаронцам. Ездзілі на абласныя спаборніцтвы. А летам — вандравалі па піянерскіх лагерах вулічнай камандай. Бо там пасля гульні з мясцовымі кармілі. Нават аповесць пра гэта напісаў — «Сезонныя гульні ў футбол».

У родным Барысаве пісьменніка «не чествуют». Яго імя выкраслілі з гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць» Барысаўскага раёна. Сп. Юрый кажа, што гэта была помста за яго кнігу сатырычных аповесцей пра родны горад «Сатырыкон» (з малюнкамі Алеся Пушкіна). Па яго словах, чыноўнікі пазналі сябе ў некаторых героях. І не змаглі дараваць.

«Нават у мясцовай газеце, дзе калісьці адпрацаваў шмат гадоў, мяне не надрукуюць. Былая беларускамоўная, цяпер газета перайшла выключна на расійскую мову. На сустрэчы мяне не запрашаюць, дый не аматар я публічных выступаў. Сацыяфобія, пэўна».

А ў канцы дадае: «Пісьменнік толькі тады нечага варты, калі выклікае да сябе пэўную варожасць».

Юрый Станкевіч (сапраўднае Георгій Харытановіч) нарадзіўся ў 1945 годзе ў Барысаве. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у Барысаўскай аб’яднанай газеце, часопісах «Маладосць» і «Крыніца». Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар кніг «Любіць ноч — права пацукоў», «Апладненне ёлупа», «Мільярд удараў», «П’яўка» ды іншых. Жыве ў Барысаве.

nn.by

Категория: В Беларуси | Просмотров: 1199 | Добавил: Lidazprava | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
Меню сайта
Категории раздела
В мире [21] В Беларуси [15]
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Поиск
Календарь
«  Июль 2011  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Архив записей
Copyright MyCorp © 2024